ГО́МЕЛЬСКІ «ПАЛЯЎНІ́ЧЫ ДО́МІК»,

помнік архітэктуры стылю ампір. Пабудаваны ў Гомелі ў 1820. Будаваўся як зімовая рэзідэнцыя Румянцавых. Кампактны прамавугольны ў плане будынак накрыты пакатым 4-схільным дахам. Канструкцыя мяшаная: драўляны зруб з вонкавым слоем атынкаванай цаглянай муроўкі. Да асн. аб’ёму па баках прыбудаваны невял. мураваныя аб’ёмы, завершаныя ступеньчатымі атыкамі. У цэнтры гал. фасада 6-калонны дарычны порцік з тэрасай над ім. Арх. акцэнт кампазіцыі — мансарда з вял. паўцыркульным праёмам і атыкавым завяршэннем. У дэкоры фасада выкарыстаны рустоўка, барэльефы. У інтэр’еры захаваліся 3 кафляныя печы.

т. 5, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)